ІВА́Н V
(27.8.1666, Масква — 29.1.1696),
рускі цар [1682—89]. Сын Аляксея Міхайлавіча, бацька Ганны Іванаўны. Вызначаўся слабым здароўем (хварэў на цынгу, меў слабы зрок). Пасля смерці бяздзетнага цара Фёдара Аляксеевіча (27.4.1682) Нарышкіны абвясцілі царом малодшага царэвіча Пятра Аляксеевіча. У час Стралецкага паўстання І. V быў пасаджаны на прастол і 26.5.1682 зацверджаны Земскім саборам «першым» царом (яго малодшы брат Пётр I стаў лічыцца «другім» царом). Цараванне І. V было намінальным, да 1689 фактычна правіла царэўна Соф’я Аляксееўна, пасля Пётр I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)